Гісторыя раённай дзіцячай бібліятэкі
Гісторыя раённай дзіцячай бібліятэкі пачалася ў лістападзе 1952 года, калі на аснове рашэння Маладзечанскага аблвыканкама ў Ашмянах пачала працаваць дзіцячая бібліятэчная ўстанова. Знаходзілася яна па вуліцы Савецкай, побач з будынкам, дзе цяпер размешчаны магазін «1000 мелочей». Для бібліятэкі быў выдзелены драўляны будынак агульнай плошчай 40 кв. метраў. Калектыў бібліятэкі складаўся з двух чалавек: загадчыцы Папковай Ганны Навумаўны, выпускніцы Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума, і бібліятэкара Шумскай Варвары Нікіфараўны. Яны правялі значную арганізацыйную работу па папаўненню кніжнага фонду і за два месяцы 1952 года набылі за бюджэтныя сродкі 700 экз. кніг. Грошы на набыццё літаратуры выдзяліў дрожджзавод і прамкамбінат, значную колькасць кніг прынеслі і самі жыхары горада.
2 студзеня 1953 года адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячай бібліятэкі. У першы дзень яе наведалі каля ста юных чытачоў, сярод якіх былі Ядзя Шатроўская, Галя Ермаловіч, Марат Каваленка і інш.
Па ўспамінах Ганны Навумаўны Папковай, працаваць у першыя гады было цяжка, але цікава. Дзеці імкнуліся да ведаў, са школы беглі ў бібліятэку, каб пачытаць цікавую кнігу. Юныя чытачы мелі магчымасць даведацца пра жыццё сваіх аднагодкаў з газет і часопісаў. Сродкі на перыядычныя выданні выдзяляла дзяржава. Бібліятэка ў той час выпісвала 3 газеты і 7 часопісаў. Супрацоўнікі бібліятэкі прыклалі шмат намаганняў для таго, каб дзіцячая бібліятэка стала скарбонкай ведаў для чытачоў.
Гісторыя бібліятэкі – гэта яе людзі. Раённай дзіцячай бібліятэцы ў гэтым пашанцавала. Тут заўсёды працавалі сумленныя, адказныя, таленавітыя супрацоўнікі, якія аддана любілі сваю прафесію і работу з дзецьмі. Сярод іх – Сяляўка Марыя Ціханаўна. Прафесія бібліятэкара стала для яе прызваннем. Яе творчая праца ў дзіцячай бібліятэцы з 1956 па 1960 гады ўнесла значны ўклад у якаснае абслугоўванне і выхаванне маленькіх чытачоў.
У 1960 годзе ў дзіцячую бібліятэку прыйшла працаваць Лаўрэцкая Лізавета Калістратаўна (1960 – 1971), выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Яе добразычлівасць, любоў і павага да чытачоў выклікалі ўзаемныя пачуцці ў дзяцей. Для іх яна была і аўтарытэтнай дарадчыцай і верным сябрам.

У гэты перыяд у бібліятэцы значна папоўніўся кніжны фонд. Так, у 1960 годзе ён склаў звыш 16 тыс. экз., а ў 1966 годзе звыш 18 тыс. экз. Былі створаны алфавітны і сістэматычны каталогі.
У 1965 годзе раённая дзіцячая бібліятэка пераведзена ў будынак раённай бібліятэкі, дзе былі больш спрыяльныя ўмовы для работы з чытачамі. Як сведчаць фотаздымкі і публікацыі ў раённай газеце, успаміны чытачоў, у гэты час бібліятэкай праводзяцца цікавыя масавыя мерапрыемствы: чытацкія канферэнцыі, сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі, вусныя часопісы. Пры бібліятэцы у гэты час з творчага чытацкага актыву ствараецца лялечны тэатр.

У 1967 годзе чытачоў-дзяцей да 15 гадоў было 1164. Насельніцтва горада расло, адкрылася новая сярэдняя школа №3, і райвыканкам выносіць рашэнне аб адкрыцці гарадской дзіцячай бібліятэкі, у якой сталі працаваць Клінцэвіч Аляксандра Сяргееўна і Мажэрына Аляксандра Уладзіміраўна. У раённай дзіцячай бібліятэцы застаўся штат работнікаў з трох чалавек.
З 1972 года раённую дзіцячую бібліятэку ўзначаліла Каско Антаніна Рыгораўна, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, вопытны работнік, здольны арганізатар.
У 1976 годзе бібліятэкі раёна аб’ядналіся ў раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму (РЦБС). У гэтым жа годзе раённую і гарадскую дзіцячыя бібліятэкі пераводзяць у адно памяшканне па адрасе: вуліца Савецкая, 80, дзе раённая дзіцячая бібліятэка знаходзіцца і па сённяшні дзень. У гэты час у бібліятэку набываюцца тэлевізар, дыяпраектар і іншыя візуальныя сродкі. У чытальнай зале праводзяцца цікавыя, змястоўныя масавыя мерапрыемствы і бібліятэчныя ўрокі. Значная ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню.
У 1981 годзе А. Р. Каско назначаецца дырэктарам Ашмянскай РЦБС. Загадчыкам раённай дзіцячай бібліятэкі становіцца Шляхціч Любоў Міхайлаўна, дасведчаны, патрабавальны спецыяліст.


У гэты перыяд бібліятэка стала сапраўдным дзіцячым культурным цэнтрам для юных чытачоў, ля кніжных паліц праводзяцца цікавыя дыспуты, арганізоўваюцца кніжныя выстаўкі. Значна абнаўляецца кніжны фонд.
З 1986 года загадчыкам бібліятэкі 12 гадоў працавала Лапцева Ала Мікалаеўна, высокапрафесійны бібліятэчны спецыяліст з вышэйшай бібліятэчнай адукацыяй. Падчас яе работы значна павысіўся аўтарытэт бібліятэкі, як у горадзе, так і ў раёне. Праведзена рэканструкцыя будынка бібліятэкі, падключана цэнтральнае ацяпленне.
У снежні 1993 года згодна з рашэннем Ашмянскага райвыканкама дзве дзіцячыя бібліятэкі (раённая і гарадскі філіял №2) аб’ядноўваюцца ў адну – раённую дзіцячую бібліятэку і атрымліваюць статус – Ашмянская раённая дзіцячая бібліятэка.

У гэты перыяд адзначаецца цесная сувязь са школамі горада, сацыяльнымі педагогамі, псіхолагамі, школьнымі бібліятэкарамі.
Наладжана работа камерцыйнага і абменнага фонду, бібліятэка адметна змяніла свой унутранны воблік. На абанеменце з’явіўся маляўнічы “экалагічны гарадок”.
З 2004 года пры дзіцячай бібліятэцы пачынае работу клуб “Расінка” экалагічнага накірунку, дэвіз якога “Жыць у гармоніі з прыродай” адлюстроўвае дзейнасць аб’яднання.
У 2005 годзе дзіцячая бібліятэка атрымала свой першы камп’ютар, што дало магчымасць пашырыць формы абслугоўвання чытачоў. У бібліятэцы былі створаны інфармацыйна-адукацыйны і мультымедыйны цэнтры. Асновай стварэння цэнтраў стала фарміраванне фонду дакументаў, як на звычайных так і электронных носьбітах. Сфарміравалася змястоўная медыятэка, якая на 1.01.2010 года ўжо налічвала 97 электронных дакументаў на CD і DVD-дысках.

Ашмянская раённая дзіцячая бібліятэка ў 2008 годзе прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і была адзначана заахвочвальнай грашовай прэміяй. На гэтыя сродкі быў набыты шматфункцыянальны апарат. У гэтым жа годзе бібліятэка падключылася да сеткі Інтэрнэт, што дало больш магчымасцяў для пошуку інфармацыі, карыстання электроннымі энцыклапедыямі, рэсурсамі разнастайных парталаў і, наогул, да самаадукацыі.
З 2009 па 2012 год дзіцячую бібліятэку ўзначальвала Александровіч Валянціна Станіславаўна, творчы, крэатыўны кіраўнік. З гэтага часу больш актуальнай становіцца экалагічная накіраванасць дзейнасці бібліятэкі: асобна выдзелены фонд экалагічнай літаратуры, аформлены разгорнутыя кніжныя выставы, пачала працаваць “экалагічная пошта”, дзе любы жадаючы мог задаць пытанне, або пакінуць сваё выказванне па праблемах навакольнага асяроддзя. Павялічылася і колькасць чытачоў, з гэтага часу паслугамі бібліятэкі штогод карыстаецца каля 4 тысяч наведвальнікаў. Актывізавалася масавая работа, асабліва дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў. Пашырыўся рэпертуар клуба “Лялечны карагод”. Заўсёды на “ура!” успрымаюцца юнымі наведвальнікамі лялечныя спектаклі: «Снежный колобок», «Как лесныя жители захотели стать читателями», “Лёгкі хлеб”, “Казка пра кніжку і камп’ютарную мышку”, «Теремок на новый лад», казкі на фланэлеграфе “Пых”, «Каша из топора», «Кот и лиса» і інш.


інтэр’еру. На абанеменце з’явіўся маляўнічы дзіцячы куток, які адразу прыйшоўся даспадобы маленькім наведвальнікам. Тут можна пагуляць, пасядзець на мяккіх “крэслах-мяшках”, пазабаўляцца ў “сухім басейне” з шарыкамі, перагарнуць старонкі любімых кніг і часопісаў, сфатаграфавацца на фоне любімых казачных герояў Калабка, Беласнежкі і яе сяброў гномаў.
З 2015 года загадчыкам бібліятэкі працуе Гардзей Гелена Францаўна, якая ўмее аб’яднаць калектыў і стварыць творчую атмасферу для плённай працы.
На 31.12.2015 года бібліятэка абслугоўвала 3954 чытачы, кнігавыдача склала 70073 экз., колькасць наведванняў 24913.
РДБ неаднойчы была аб’ектам правядзення бібліятэчных абласных і раённых семінараў. У апошні час (снежань 2015 года) яе наведалі удзельнікі абласнога семінара – дырэктары раённых бібліятэк Гродзенскай вобласці і галоўныя спецыялісты абласной бібліятэкі і Упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Дзіцячая бібліятэка неаднаразова з’яўлялася пераможцам раённых конкурсаў, а яе супрацоўнікі ўзнагароджваліся Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі.
У розныя часы тут працавалі: Новікава Ганна Андрэеўна, Міхайлава Лілія Іванаўна, Шчулькіна Вольга Васільеўна, Рыбакова Людміла Савельеўна, Харытон Людміла Вацлаваўна, Сцефаноўская Валянціна Андрэеўна, Белаблоцкая Тэрэса Баляславаўна, Гарлуковіч Вера Яўгенаўна, Купко Людміла Міхайлаўна, Дашчынская Станіслава Іосіфаўна, Садоўская Наталля Віктараўна, Кавецкая Святлана Генрыхаўна, Абашкіна Кацярына Генадзьеўна, Баркоўская Ірына Канстанцінаўна, Чудзілоўская Марыя Паўлаўна, Нагель Алена Пятроўна, Абашкіна Яніна Францаўна, Свірская Марыя Вікенцьеўна і іншыя.
У чэрвені 2020 года РДБ пераехала ў іншы будынак па адрасе: вул. Савецкая 19/2 і размясцілася ў адным будынку з раённай бібліятэкай.

З 1 ліпеня 2021 года РДБ г. Ашмяны стала аддзелам па абслугоўванні дзіцячага чытача Ашмянскай раённай бібліятэкі.

Аўтарытэт бібліятэкі ў многім залежыць ад прафесіяналізму, мэтанакіраванасці і працаздольнасці ўсяго калектыву супрацоўнікаў; на сённяшні дзень бібліятэкарамі працуюць: Кімса Ядзвіга Казіміраўна, Куджма Алена Васільеўна, Красоўская Святлана Тадэвушаўна.
У сценах бібліятэкі кожны наведвальнік заўсёды знаходзіць сабе занятак па душы, а бібліятэкары прыкладаюць максімум намаганняў, каб бібліятэчная ўстанова і надалей заставалася цэнтрам інфармацыі, месцам самаадукацыі і адпачынку.